Ухвала З’езду БХД
У ПАДТРЫМКУ УКРАІНЫ, ЗА СПРАВЯДЛІВЫ МІР І НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ!
З’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі, прынцыпамі свабоды і чалавечай годнасці, павагай да міжнароднага права і права кожнага народа на самавызначэнне,
- асуджае расійскую агрэсію супраць Украіны, якая стала грубым парушэннем суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і права ўкраінскага народа самастойна вызначаць сваю будучыню;
- выказвае салідарнасць з украінскім народам, які змагаецца за свабоду, незалежнасць і права жыць у мірнай, суверэннай дзяржаве;
- падкрэслівае, што ўстойлівы мір немагчымы без павагі да міжнароднага права, аднаўлення справядлівасці і гарантый бяспекі для Украіны. Мір не павінен азначаць узнагароджанне агрэсара, легітымізацыю захопу чужых тэрыторый або прымус Украіны адмовіцца ад свайго суверэнітэту;
- асуджае ўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі, у тым ліку прадастаўленне беларускай тэрыторыі для ваенных дзеянняў супраць Украіны і іншую падтрымку расійскай ваеннай машыне. Такая палітыка супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, пагражае яе незалежнасці і ставіць беларускі народ пад пагрозу ўцягвання ў чужую вайну;
- адмаўляе прынцып калектыўнай адказнасці беларускага народа за дзеянні аўтарытарнага рэжыму. Беларускі народ мае права на свабоду, дэмакратычны выбар і незалежную дзяржаву, якая будуе адносіны з суседзямі на аснове добрасуседства, павагі і міру;
- лічыць, што адказнасць за міжнародныя злачынствы павінна вызначацца на падставе доказаў, у межах незалежных і справядлівых судовых працэдур, а вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Таму З’езд Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі:
1. Патрабуе ад Расійскай Федэрацыі неадкладна спыніць агрэсію супраць Украіны, вывесці свае войскі з міжнародна прызнанай тэрыторыі Украіны і выконваць нормы міжнароднага права.
2. Падтрымлівае права Украіны на самаабарону, на аднаўленне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і на самастойнае вызначэнне ўласнай будучыні без знешняга прымусу.
3. Заклікае да міжнароднай адказнасці вінаватых у ваенных злачынствах і іншых міжнародных злачынствах, а таксама да належнага расследавання фактаў незаконнай дэпартацыі, катаванняў, нападаў на мірнае насельніцтва і іншых сур'ёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права.
4. Патрабуе спынення выкарыстання тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны і неадкладнага спынення любой формы ваеннай падтрымкі расійскай агрэсіі з боку беларускіх уладаў.
5. Заклікае міжнародную супольнасць падтрымліваць незалежнасць Беларусі, беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць - і не дапускаць атаясамлівання беларускага народа з аўтарытарным рэжымам.
6. Звяртаецца да хрысціянскіх цэркваў, дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый з заклікам да салідарнасці з ахвярамі вайны, дапамогі ўкраінскім уцекачам і падтрымкі ініцыятыў, накіраваных на справядлівы і ўстойлівы мір.
7. Просіць Урад Украіны усебакова спрыяць беларускім дабраахвотнікам, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны, а таксама уцекачам з Беларусі – бо дэмакратычная і незалежная Беларусь – адзін з найважнейшых чыннікаў бяспекі Украіны.
Беларуская хрысціянская дэмакратыя перакананая: сапраўдны мір засноўваецца не на страху і падпарадкаванні, а на праўдзе, справядлівасці, павазе да чалавечай годнасці і свабодзе народаў.
Свабодная Украіна — важная ўмова бяспекі і свабоднай будучыні Беларусі. Незалежная, дэмакратычная Беларусь павінна быць не крыніцай пагрозы для суседзяў, а надзейным партнёрам у справе міру і еўрапейскай бяспекі.
З’езд БХД
24 кастрычніка 2026 года
Беласток

