Прэс-рэліз: з’езд Партыі БХД у замежжы

10 лютага ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі адбыўся з’езд Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. 

Гэта восьмы з’езд Партыі і першы з’езд у замежжы. 

З’езд адкрыў кіраўнік Беластоцкай суполкі Партыі БХД Сяргей Верамеенка. На з’ездзе быў зачытаны вітальны ліст ад дырэктара усеўкраінскай грамадскай арганізацыі “Інстытуту хрысціянскай дэмакратыі” Уладзіміра Марушчанкі. У лісце выказваецца падтрымка беларускім хрысціянскім дэмакратам ад хрысціянскіх дэмакратаў Украіны, а таксама выказваецца падзяка тым беларусам, якія разам з украінцамі праліваюць кроў за незалежнасць Украіны. 

На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі іншых партый, грамадскіх арганізацый і ганаровыя госці, якія выступілі перад удзельнікамі з’езду. Гэта сябра пратэстанцкай партыі SGP Эверт Босма з Нідэрландаў, прадстаўнік Беларускага Народнага Фронту Віталь Макаранка, лідар сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Яўген Вільскі, лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Мацкевіч, журналісты Яўген Валошын, Анатоль Шырвель і Наталля Радзіна, адміністратарка сайта «Беларусы Польшчы» Хрысьціна Каграманян.

З праграмнымі прамовамі выступілі кіраўнік Варшаўскай суполкі БХД Яўген Дудкін і сустаршыня Партыі БХД Георгій Дзмітрук.

У сваёй прамове Георгій Дзмітрук адзначыў: “Мы вучымся дэмакратыі. Пагарджаючы прынцыпамі дэмакратыі, нельга ў будучыні пабудаваць сучаснае дэмакратычнае грамадства ў Беларусі. Пачынаем з сябе! 

На з’ездзе былі прынятыя рашэнні:

– аб прызнанні Паўла Севярынца адзіным лідарам Партыі БХД;

– аб захаванні сустаршыньства ў Партыі; сустраршынямі застаюцца Павел Севярынец і Георгій Дзмітрук;

– аб выключэнні з партыі БХД былых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага і Вольгі Кавальковай, былога адказнага сакратара Дзяніса Садоўскага, а таксама былога кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава;

– рэзалюцыя аб падтрымцы еўраінтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і НАТО;

– рэзалюцыя аб прызнанні Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй з боку Расейскай Федэрацыі;

– рэзалюцыя аб правядзенні з’езда Моладзі БХД на эміграцыі;

На з’ездзе была абраная Управа Партыі і прынятае рашэнне аб фармаце ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную Раду.