Заява партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя

Партыя Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, у працяг  прынятай 19 верасьня 2022 г. Рэзалюцыі БХД, кіруючыся сучаснымі рэаліямі, склаўшыміся ў Рэспубліцы Беларусь ды ўсім Сьвеце, чарговы раз заклікае Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, Эўрапейскі Парлямант, Парляманцкую Асамблею Рады Эўропы, Парляманцкую Асамблею НАТО, Парляманцкую Асамблею АБСЭ, нацыянальныя Парляманты й кіраўнікоў краінаў сьвету:

– прызнаць Рэспубліку Беларусь часова акупаванай дзяржавай, а рэпрэсіўны рэжым Аляксандра Лукашэнкі – акупацыйнай адміністрацыяй Расейскай Федэрацыі;

– запатрабаваць ад уладаў Расейскай Фэдэрацыі неадкладнага вывазу зь Беларусі ядравай зброі, у выпадку яе фактычнай наяўнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзеля выкананьня міжнародных дамоўленасьцяў;

– падтрымаць патрабаваньне беларускіх дэмакратычных структураў аб безумоўным вывадзе акупацыйных расейскіх войскаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

– прыняць усе магчымыя дзеяньні дзеля вызваленьня Паўла Севярынцы, ды ўсіх беларускіх палітвязьняў, што знаходзяцца ў палоне акупацыйнай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Прызнаньне Рэспублікі Беларусь акупаванай  дзяржавай, як і ўсе вышэйпералічаныя патрабаваньні неабходныя для прыняцьця ў самыя бліжэйшыя тэрміны. Апошнія заявы кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, а таксама шматлікіх афіцыйных прапагандыстаў РФ дэманструюць, што яны не зьбіраюцца суцішыць свае захопніцкія пляны.

Прамаскоўская акупацыйная адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі ня толькі не перашкаджае, але ўсяляк спрыяе агрэсіўным плянам Крамля. Заклікі афіцыйнай Масквы пра далейшы расейскі наступ — гэтым разам ужо на Эўразьвяз, трэба ўспрымаць як пагрозу новай Сьвятовай вайны. Для павышэньня мабілізацыйнага рэсурсу, РФ як дзяржава-агрэсар плянуе выкарыстоўваць у тым ліку грамадзян акупаванай імі Рэспублікі Беларусь. Як гэта яны ўжо рабілі з насельніцтвам акупаваных тэрыторый Украіны.

Для ўратаваньня сусьветнай сыстэмы бясьпекі неабходнае прыняцьцё тэрміновых мераў для паўстрыманьня тэрарыстычнага рэжыму Расейскай Фэдэрацыі.

Заклікаем усе дэмакратычныя партыі, рухі, іншыя структуры Рэспублікі Беларусь падтрымаць наш зварот, ды выказацца ў падтрымку беларускага ды ўкраінскага народаў. А таксама прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні для дэакупацыі Беларусі ды Украіны.

Заява прынятая на зьезьдзе партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя ў Варшаве, 10 лютага 2024 года.

           Сустаршыня БХД  Георгій Дзьмітрук