Зьезд партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) заплянаваны на 24 кастрычніка ў польскім Беластоку.
Як паведаміў 20 кастрычніка на онлайн-канфэрэнцыі былы сустаршыня партыі Павал Севярынец, мэта форуму - аб’яднаньне і выбары новага кіраўніцтва праз «цалкам дэмакратычную працэдуру».
Арганізатары зьезду чакаюць удзелу больш як 100 дэлегатаў ад БХД, прадстаўнікоў іншых палітычных плыняў, а таксама сьвятароў трох хрысьціянскіх канфэсіяў у Беларусі і замежных гасьцей.
«Якраз у гэтыя дні адзначаем 100 гадоў нашай партыі. Як палітычная арганізацыя яна ўзьнікла раней, але менавіта ў кастрычніку 1926 году ў Вільні атрымала назву Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, і таму з гэтага часу мы вядзем адлік нашай гісторыі», - паведаміў Павал Севярынец.
Паводле апазыцыйнага палітыка, галоўная мэта будучага зьезду - стварыць умовы для аб’яднаньня тым часткам БХД, якія ў выгнаньні разышліся, але захавалі ідэйнае адзінства і намер дзейнічаць разам.
«Летась, калі я выйшаў на волю зь вязьніцы, дык убачыў, што партыя падзеленая. З таго часу прапаную аб’яднацца зноў. Апошнім часам амаль штотыдзень мы праводзілі нарады й кансультацыі і большасьцю дамовіліся пра зьезд і выбары кіраўніцтва.
Выбары пройдуць у дэмакратычнай абстаноўцы, праз закрытае галасаваньне. Лічу, што час беларусам вяртацца да дэмакратычных выбарчых нормаў», - сказаў Павал Севярынец.
Паводле Паўла Севярынца, удзел у зьездзе БХД прымуць вядомыя хрысьціянскія дэмакраты Георгій Дзьмітрук, Анатоль Міхнавец, Таісія Кабанчук, Валер Мацкевіч, Сяргей Верамеенка, Алесь Адамковіч.
«Пры жаданьні яны змогуць вылучацца ў кіраўніцтва партыі і прэтэндаваць на лідэрства», - мяркуе Севярынец.
Таксама ён ня выключыў удзелу ў зьезде былога сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага.
«Ён запрошаны. Пакуль, здаецца, ён стварае нешта сваё, але мы гатовыя да сумеснай працы», - сказаў Павал Севярынец.
Выбар Беластоку месцам правядзеньня зьезду палітык патлумачыў тым, што «гэта цэнтар беларускай меншасьці на Падляшшы». Таксама Севярынец спаслаўся на сучасную эўрапейскую традыцыю «праводзіць партыйныя зьезды ў рэгіянальных цэнтрах і нават у малых гарадах».
Паводле Севярынца, у зьездзе БХД прымуць удзел беларусы ня толькі з розных эўрапейскіх краін, але і з самой Беларусі, таму пытаньне бясьпекі дэлегатаў стаіць асабліва востра.
«З прычын бясьпекі наўпроставай трансьляцыі зьезду забясьпечыць мы ня можам, але журналісты змогуць размаўляць і здымаць тых, хто ня супраць. Заклікаем удзельнікаў зьезду ўзважваць рызыкі, бо цалкам пазбавіцца публічнасьці будзе немагчыма», - сказаў Павал Севярынец.
Мяркуецца, што на зьездзе будзе прэзэнтаваная стратэгія БХД на бліжэйшыя тры гады. Таксама будуць выступаць палітыкі Павал Латушка, Францішак Вячорка, Дзяніс Кучынскі, Яўген Вапа, Павал Усаў ды іншыя.
Паводле Паўла Севярынца, правядзеньню зьезду дапамагае нямецкі Фонд імя Конрада Адэнаўэра, які пасьлядоўна падтрымлівае беларускую хрысьціянскую дэмакратыю.



