СТРАТЭГІЯ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ
2026-2029
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя вызнае сваёй стратэгіяй на бліжэйшыя гады вызваленне Беларусі ад аўтакратычнага рэжыму Лукашэнкі і агрэсіўнага расейскага уплыву.
Беларусы, якія апынуліся ў вольным свеце, пакліканыя рыхтаваць вяртанне ў Беларусь з перамогай. Беларусы ў Беларусі маюць рабіць усё магчымае, каб захаваць патэнцыял аднаўлення і еўрапейскай будучыні для Беларусі.
Яднанне ўсіх дэмакратычных сілаў у барацьбе з лукашызмам і пуцінізмам на глебе беларускай мовы і культуры, падрыхтоўка рэгіянальных камандаў, гатовых у выпадку вакна магчымасцяў працаваць дзеля аднаўлення незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі, магутны інфармацыйны і культурны ўплыў на Беларусь з беларускіх асяродкаў вольнага свету, падтрымка сем’яў і прафесійных сябрынаў, дапамога ў стварэнні і пашырэнні беларускамоўных хрысціянскіх супольнасцяў, усебаковая дапамога беларусам Беларусі і беларусам у эміграцыі – аснова стратэгіі БХД на бліжэйшы час.
Нашы стратэгічныя прыярытэты на 2026-2029 гады:
1. Супрацьдзеянне «рускаму свету» і расійскай гібрыднай агрэсіі супраць Беларусі
Супрацьдзеянне расійскаму палітычнаму, інфармацыйнаму, культурнаму і рэлігійнаму ўплыву, абарона незалежнасці Беларусі, нацыянальнай ідэнтычнасці і еўрапейскай перспектывы, правядзенне медыйных кампаніяў для уплыву на фармаванне грамадскай думкі ў Беларусі.
2. Беларусь — частка Еўропы. Падтрымка сувязяў і актыўнасці беларусаў унутры краіны. Захаванне сувязі беларускага грамадства з Еўропай, падтрымка мабільнасці, адукацыі і грамадскіх кантактаў, а таксама бяспечных формаў грамадзянскай актыўнасці і гарызантальных сувязяў унутры Беларусі.
3. Абарона свабоды сумлення і рэлігійных супольнасцяў у Беларусі.
Абарона права чалавека на веру і перакананні, аўтаноміі рэлігійных супольнасцяў і іх незалежнасці ад аўтарытарнай дзяржавы, спецслужбаў і ідэалогіі «рускага свету», падтрымка хрысціянскіх цэркваў, адкрытых для іншых канфесіяў і беларускасці.
4. Падтрымка беларускай мовы, культуры і адукацыі ў Беларусі і вольным свеце. БХД трэба браць на сябе ролю вядучай сілы, якая адстойвае беларускасць.
5. Адзінства дэмакратычных сіл. БХД пазіцыянуе сябе як партыя, якая рэалізуе агульнабеларускі запыт на адзінства дэмакратычных сілаў. Адносіны з палітычнымі структурамі і лідэрамі БХД разглядае як спосаб умацаваць еднасць беларусаў для змагання з рэжымам і агрэсіўнай Расеяй.
6. Стварэнне рэгіянальных камандаў. БХД рыхтуе каманды для асобных рэгіёнаў Беларусі, здольныя спрыяць пераменам, ажыццяўляць іх і праводзіць рэформы.
7. Пашырэнне палітычнага прадстаўніцтва.
БХД бачыць сваёй задачай павышэнне ролі Платформы палітычных партый і праз яе — уплыву хрысціянскіх дэмакратаў, узмацненне ролі грамадзянскай супольнасці дзеля больш шырокага і збалансаванага прадстаўніцтва пры прыняцці агульных рашэнняў.
8. Падтрымка беларусаў у эміграцыі і абарона іх правоў
Абарона беларусаў ад дыскрымінацыі ў эміграцыі, садзейнічанне легалізацыі, атрыманню адукацыі, працаўладкаванню і інтэграцыі, падтрымка культуры і выкарыстанне патэнцыялу дыяспары для дапамогі людзям унутры Беларусі.
9. Падрыхтоўка да вяртання ў Беларусь з перамогай. БХД ставіць сваёй мэтай усебакова рыхтавацца да вакна магчымасцяў у Беларусі: гартаваць лідэраў будучых рэформаў і кадры для усіх узроўняў дзяржаўнага кіравання.
10. Прапанова яснай, якаснай і прадуманай эканамічнай альтэрнатывы рэжыму. Мадэль сацыяльнай рынкавай эканомікі для Беларусі мае быць стратэгічнай перавагай БХД.
З’езд БХД
24 кастрычніка 2026 года
Беласток

