You are currently viewing Георгій Дзмітрук: Не бярыце дух дыктатуры з сабой у свабодную Еўропу

Георгій Дзмітрук: Не бярыце дух дыктатуры з сабой у свабодную Еўропу

10 лютага ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшоў з’езд Партыі БХД на эміграцыі. На ім з праграмнай прамовай выступіў сустаршыня Партыі БХД Георгій Дзмітрук.

Спадар Георгій з’яўляецца таксама сустаршынём праўлення Фонда “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Ніжэй публікуем тэкст яго выступу з невялікімі скаротамі.

Шаноўныя Хрысціянскія Дэмакраты! Шаноўныя госці!

Ад імя арганізатараў я рады прывітаць усіх вас на з’ездзе БХД у Варшаве.

На жаль, мы не змаглі сабрацца ў нас у Менску з прычыны палітычнага пераследу.

З першага дня існавання БХД, а менавіта з 2009 года, Хрысціянская Дэмакратыя ў Беларусі сустрэла зацятае супраціўленне з боку аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. За ўсе нашыя 15 гадоў працы, у нас не было лёгкага перыяду часу. Характар БХД каваўся ў сталай барацьбе. Дух практыкаваўся ў ганеннях. Прыходзілася быць заўсёды ў тонусе.

Чаму нас так ненавідзіць аўтарытарны рэжым?

Адказ просты. Яны ведаюць, што Ідэі Хрысціянскай Дэмакратыі паставяць крыж у прамым і пераносным сэнсах на пастаянных намаганнях перафарбаваных камуністаў павярнуць час назад. Таму што Ідэі Хрысціянскай Дэмакратыі нясуць у сабе новы сэнс узаемаадносін, неабходны для вырашэння надзённых праблемаў беларускага грамадства. На змену палітыкі гвалту мы прынясем давер! На змену механізму прымусу – ініцыятыву! На змену адміністрацыйнай планавай эканомікі – рынак! На змену карупцыі – празрыстасць! Менавіта таму нас баіцца рэжым.

Нагадаю, што за 15 год мы ўжо правялі 7 з’ездаў БХД:

28 лютага 2009 года,

31 кастрычніка 2009 года,

12 верасня 2010 года,

у снежні 2011 года,

13 чэрвеня 2015 года,

у лістападзе 2015 года,

23 снежня 2017 года.

Дата нараджэння БХД – 28 лютага 2009 года. Тады нарадзілася дзіця.

Сённяшні з’езд таксама ўвойдзе ў гісторыю БХД як першы і пакуль адзіны замежны з’езд БХД. 10 лютага 2024 года – запомніце гэтую дату!

Чаму мы праводзім свой чарговы з’езд?

1. Мы ствараем прэцэдэнт палітычнай актыўнасці ў новых умовах. Палітычная барацьба – гэта і ёсць уменне прымаць складаныя рашэнні ў складаных умовах. Офісныя вячоркі ці паддывановыя інтрыгі – не наш метад! Мы – за прамую адкрытую размову. Мы за ўнутрыпартыйны дыялог!

2. Сёння мы праходзім публічную працэдуру партыйнага самаачышчэння. Безумоўна, гэта вельмі балючая працэдура, але абсалютна неабходная. Падобнага не змаглі зрабіць шмат якія беларускія палітычныя суб’екты!  БХД змагло!

3. Мы заяўляем для ўсіх, хто лічыць сябе Хрысціянскімі дэмакратамі, што нашыя агульныя ідэі актуальныя і запатрабаваныя! У нас ёсць дастатковая колькасць прапаноў па наладжванні ўзаемадзеяння ў беларускім палітычным сегменце. Нам ёсць што прапанаваць!

4. Мы дасылаем сігнал да ўзаемадзеяння ўсім беларускім дэмакратычным сілам. Мы адчыненыя. Мы празрыстыя. Мы канструктыўныя!

5. Мы вучымся дэмакратыі. Пагарджаючы прынцыпамі дэмакратыі, нельга ў будучыні пабудаваць сучаснае дэмакратычнае грамадства ў Беларусі. Пачынаем з сябе!

6. Маральная рэвалюцыя, як адказ аматарам «рэал палітык» – як для беларускіх дэмакратаў у выгнанні, так і для прыхільнікаў аўтакратыі ў Беларусі – сутнасць нашай прапановы беларускаму народу! Гэта тое, пра што казаў наш лідар Павел Севярынец яшчэ ў 2019 годзе. Маральная Рэвалюцыя і як яе вынік – Рэвалюцыя Маралі патрэбная Беларусі проста зараз!

7. Сёння ва Украіне ідзе вайна! Жорсткая і бесчалавечная. Кожны з нас можа зрабіць што-небудзь магчымае для Перамогі Дабра над Злом! Галоўнае – не быць абыякавымі! Да гэтага мы заклікаем усіх!

Так! Наш лідар Павел Севярынец сядзіць у турме! Як і Мікола Статкевіч. Як і Паліна Шарэнда-Панасюк, як і многія іншыя патрыёты Беларусі.

Але мы разумеем, што палітычная спадчына нашых герояў мусіць жыць! Мы абавязаны памятаць сваіх лідараў і працягваць распачатую імі справу. Таму мы тут. Таму мы разам!

Мы захоўваем пераемнасць Праграме і Статуту БХД, а таксама ідэям, агучаным на ўсіх з’ездах БХД з 2009 па 2017 гады. Праграмная Камісія БХД, пад непасрэдным кіраўніцтвам нашага лідара – Паўла Севярынца, напрацавалі дастатковы багаж Праграмных дакументаў, чым мы карыстаемся і будзем карыстацца ў будучыні! Старога – не ламаем, новага – не ўводзім! Так калісьці казалі нашыя дзяды! Прапанаваныя змены закрануць выключна некаторыя персаналіі, але не самыя прынцыпы лідарства БХД. Так мы забяспечваем пераемнасць БХД!

Пагаворым аб тым, што адбываецца зараз

Пасля падзеяў 2020 года мы з вамі апынуліся ў зусім іншай палітычнай рэальнасці. Незаконная ўлада аб’явіла палітычную вайну ўсяму беларускаму народу! Узровень рэпрэсій з боку рэжыму набліжаецца да часоў сталінізму. Колькасць палітвязняў увесь час расце. Рэжым дэманструе свету свой сапраўдны твар. Твар, скажоны грымасай нянавісці да ўсяго жывога і вольнага. Гледзячы на гэта, можна з упэўненасцю сказаць: менавіта так выглядае абсалютнае Зло!

Наш адказ: мы абавязаны супрацьстаяць Злу ўсімі магчымымі спосабамі!

З іншага боку, вымушана апынуўшыся ў эміграцыі, некаторыя дэмакратычныя суб’екты не саромеюцца адкрыта дэманстраваць свой палітычны эгаізм, а часцяком і поўную адсутнасць адказнасці.

Падзел і няўзгодненасць, як палітычнае крэда, працягвае мець месца.

Хочацца сказаць: пакінуўшы дыктатуру – не бярыце дух дыктатуры з сабой у свабодную Еўропу.

Так атрымалася, што Рэвалюцыю 2020 года “асядлалі” некаторыя палітычныя суб’екты левага ліберальнага толку. І гэта не сакрэт. Рэвалюцыя 2020 года мела відавочны народны характар. За Святлану Ціханоўскую галасавалі людзі і левых, і правых поглядаў. Гэта і прыхільнікі прафсаюзаў, і людзі яскрава выяўленых кансерватыўных поглядаў. І атэісты, і актыўныя хрысціяне. Тыя, хто гаворыць па-расейску, і прыхільнікі мовы. На жаль, офіс Святланы Ціхноўскай заняў праліберальную пазіцыю. Больш за тое, у сваёй дзейнасці Офіс супрацоўнічае выключна з ліберальнымі сіламі і ліберальнымі СМІ! Такая пазіцыя Офісу несправядліва падзяліла беларускія дэмакратычныя сілы на два лагеры: праліберальны і “ўсе астатнія”! На маю думку, у гэтым і крыецца галоўная памылка так званай новай апазіцыі. У гэтым заключаецца і маё асабістае расчараванне.

Атрымаўся Ліберальны Офіс! Атрымаўся Ліберальны КС! Атрымаўся Ліберальны Кабінет! Што далей?

Толькі трэба памятаць, што беларускае грамадства ў сваёй большасці зусім не ліберальнае! У выпадку будучых дэмакратычных і празрыстых выбараў пад эгідай АБСЕ, дзе вы збіраецеся браць галасы, спадары лібералы?

Мы прапануем Праект рэформы Каардынацыйнай Рады па прынцыпе ідэалагічнага балансу, узяўшы за аснову прыклад ідэалагічнай раўнавагі, зафіксаванай на апошніх выбарах у Еўрапарламент.

Сёння мы прапануем дакумент «Мемарандум 2023 года», які дазваляе збліжаць пазіцыі нацыянальных палітычных суб’ектаў на прынцыпах празрыстасці і дэмакратыі. БХД гатова выступіць ініцыятарам міжпартыйнага дыялогу. І гэта не для вонкавага малюнку, не для рэалізацыі амбіцый «шэрых кардыналаў» ці па замове «закулісных дырыжораў», але выключна для трыумфу дэмакратыі!

Некалькі слоў пра ідэалогію БХД

Правацэнтрысцкая ідэалогія з’яўляецца рухаючай сілай многіх стваральных праектаў у Еўропе. Гэта і Адзіная Еўропа, і прынцыпы пашырэння Еўропы, і Ўсходняе партнёрства ды інш. Мы рады быць часткай гэтай ідэалогіі. Мы радыя быць часткай гэтай каманды!

Уменне адаптавацца ў складаных умовах заўсёды было ўласціва БХД. Апынуўшыся ў выгнанні, без лідара Паўла Севярынца, мы бачым шлях развіцця БХД у паступовым нарошчванні гарызантальных партыйных ініцыятыў.

Сёння я буду прасіць маіх калегаў прагаласаваць за Паўла Севярынца, як за Адзінага Лідара БХД. Я атрымаў гонар быць сустаршынём разам з гэтым вялікім чалавекам з моманту заснавання БХД. Я шмат чаму вучыўся ў Паўла! Скажу вам, што маючы на чале БХД такога моцнага лідара, сапраўднага хрысціяніна і добрага сем’яніна – мы ўпэўненыя ў тым, што Беларускі народ прагаласуе за новую Беларусь! За дэмакратычную Беларусь! Аўтарытэт Паўла Севярынца ў БХД – абсалютны! Мы не дазволім некаторым палітычным выскачкам маніпуляваць аўтарытэтам БХД! БХД – гэта Севярынец!

Сёння я буду таксама прасіць сваіх калегаў галасаваць за рэзалюцыю па еўраінтэграцыі і ўваходжанні Беларусі ў блок НАТО. Жыццё нам паказала, што сяброўства ў НАТО з’яўляецца найболей эфектыўным інструментам абароны незалежнасці. Не абсалютным, але вельмі эфектыўным! З улікам таго, што нам яшчэ трэба будзе дэакупаваць тэрыторыю Беларусі і аднавіць страчаныя часткі суверэнітэту.

Так што нам рабіць прама зараз?

1. Мы павінны вучыцца слухаць адзін аднаго.

2. Мы можам збліжацца. Я не кажу пра аб’яднанне палітычных намаганняў у кааліцыі ці ў агульныя праекты, я кажу пра збліжэнне партыйных пазіцый. Партыя Паўла Севярынца і партыя Мікалая Статкевіча ўжо даказалі, што гэта магчыма. Нагадаю, што ў верасні 2023 года мы падпісалі ўжо Мемарандум аб збліжэнні.

3. Мы можам працягваць вынікова ўзаемадзейнічаць на лакальным узроўні. Хопіць супернічаць!

4. Мы вылучаем свой спіс ад партыі БХД на будучыя выбары ў Каардынацыйную Раду. Ці веру я ў поспех рэфармавання Каардынацыйнай Рады? Хутчэй не, чым так. Але мы адкрыты да любой палітычнай ініцыятывы. Там, дзе ёсць дэмакратыя – там будзем і мы!

5. Наш галоўны палітычны рэсурс – новыя актывісты, якія маюць дастатковы досвед барацьбы з дыктатурай, але не ўцягнутыя ў палітычныя працэсы. У нас ёсць з кім працаваць! У БХД ёсць перспектыва росту!

6. Ну і апошняе. Я веру, што вельмі хутка дыктатура абрынецца. І мы ўсе разам вернемся ў нашу Беларусь на першыя вольныя і дэмакратычныя выбары пад эгідай АБСЕ. Разам са сваім лідарам Паўлам Севярынцам мы зробім усё магчымае, каб у Беларусь нарэшце па-сапраўднаму прыйшла Свабода! І Свабода зробіць нас, беларусаў, сапраўды свабоднымі!Жыве Беларусь! Жыве з Богам!